Палескія Канікулы 02.07.10 - 10.07.10

Автор

Мэтай нашага доўгачаканага падарожжа было наяву пабачыць прыгажосць і веліч Беларускага Палесся. І пяцёра ўдзельнікаў вандроўкі Яўген Малахоўскі, Арцём Літвінаў, Васіль Крапівін, Мікіта Грыгор’еў, а таксама новы актыўны чалец нашага клуба Настасся Шчэбет адправіліся ў горад Калінкавічы, каб аддтуль прайсці ўздоўж ракі Прыпяць.

Дызельны цягнік давёз нас да вёскі Пціч. Перайшоўшы вялікі чыгуначны мост праз добра знаёмую нам раку Пціч, на прыгожым пясчаным беразе мы спыніліся для першага начлега. Пайшлі спаць рана, бо на наступны дзень трэба было нямала прайсці пяшком, каб нарэшце сустрэцца з прыгажуняй-Прыпяццю.

Быў спякотны ліпеньскі дзень, і дарога да Прыпяці з цяжкімі заплечнікамі падалася яшчэ больш складанай. Пад спякотным сонцам мы крочылі ўздоўж шасэ праз палі і лясы, і зусім дарэмна паслухалі парады мясцовых звярнуць на лясную дарогу: яна вывела нас на забалочанае поле, што не скараціла наш шлях да Прыпяці.

Нарэшце падыйшлі да Конкавіч – вялікай і прыгожай вёскі, якая раскінулася ля ракі. Было каля 6 гадзін вечара. Дзень выдаўся цяжкім, але мы дасягнулі сваёй мэты і ўжо стаялі на цудоўным беразе Прыпяці, дзе і разбілі лагер. Але спачатку з асалодай пакупаліся ў рацэ, і Прыпяць адразу вярнула нам страчаныя сілы.

Мы адпачывалі на гэтым месцы каля двух начэй. Загаралі, купаліся ў рацэ, гатавалі ежу на кастры, лавілі рыбу і нават ракаў, якіх потым варылі на кастры.

Па рацэ вельмі часта праязджалі маторныя лодкі рыбнагляду, таксама мы бачылі вялізную баржу. Надвор’е было цудоўным, ярка свяціла сонца, нягледзячы на паведамленні аб навальніцах у Мінску.

Нарэшце, раніцай 5 ліпеня ў панядзелак мы сабралі ўсе нашыя рэчы і рушылі ў новы паход, мэтай якога было дайсці да парома ў горадзе Петрыкаў, каб пераправіцца на правы бераг ракі Прыпяць. У гэты дзень мы асілілі вельмі вялікую адлегласць і дапамаглі нам у гэтым ветлівыя і добразычлівыя людзі, якія падвозілі нас на машынах ад адной вёскі да другой, так што ў Петрыкаў мы трапілі ў добрым настроі, дзе, адпачыўшы і падсілкаваўшыся ў парку насупраць будынку петрыкаўскага ўпраўлення ўнутраных спраў, рушылі далей у сторану парома.

Паром пераправіў нас на правы бераг Прыпяці. Мы прайшлі яшчэ кіламетры тры і знайшлі сабе падыходзячае месца, дзе мы зноў разбілі палаткі. На гэтым добрым турыстычным месцы мы заставаліся да канца нашага адпачынку на Прыпяці.Так як зладзеная выведка да р. Вубарць была няудалай подыход да мейсца стаянкі “Волчы Востраў”(там уночы, як кажуць, мясцовыя выюць ваўкі) быў немагчымы.

Новае месца было адметна тым, што вакол было мноства невялікіх азёр-варонак ад нямецкіх авіяцыйных бомб ды старыц, у якіх плёскалася мноства рыбы. Таму рыбалка стала нашым асноўным заняткам на ўсе астатнія дні. Рыба, хоць і не вельмі вялікая, але лавілася пастаянна, што дазваляла нам рэгулярна смакаваць смачную уху, звараную ў кацялку. Толькі адзін мясцовы жіхар любіу красці нашу рыбу. Гэта бусел Вася(не не наш Вася) гэтую мянушку яму далі мясцовыя рыбакі якія хадзілі сюды лавіць рыбу. Самае вялікае возера Бруцкое, якое было каля нас, было звязана сваімі водамі з Прыпяццю, таму цячэнне ракі ў тым месцы, дзе мы стаялі, было вельмі слабым, што рабіла плёсканне адпачываючых ў рацэ даволі бяспечным заняткам.

За некалькі кіламетраў ад нас знаходзілася вёска Велаўск, куды мы аднойчы хадзілі пакупаць ежу. Таксама мы яшчэ раз наведалі Петрыкаў, дзе паглядзелі расклад руху аўтобусаў, каб ведаць, у які час пачаць збірацца ў дарогу ў Мінск.

Надвор’е ў апошнія дні не было такім спякотным, як у першыя дні на Прыпяці, але ўсё роўна было цёпла, нягледзячы на рэдкія дожджыкі і хмары на небе. Мы зноў бачылі вялізныя баржы на рацэ, вельмі часта праплывалі рыбакі на маторных лодках. Дроваў, якіх мы ў першы дзень прыцягнулі з лесу, нам хапіла на ўвесь час. Ліпеньскія ночы былі вельмі цёплымі, так што ніхто з нас не змёрз.

8 ліпеня Арцём, Яўген і Васіль вырашылі здзейсніць выведку да ракі Убараць(Волчы Востраў) , што цякла кіламетраў за 10 ад нашага лагеру і ўпадала ў Прыпяць. Мы ішлі ў напрамку да вёскі Майсеявічы па грунтаванай дарозе больш за гадзіну і, нарэшце, дайшлі да гэта населенага пункту, які аказаўся не такім ужо і населеным. Па дарозе было шмат рэшткаў мазырскага узброеннага раёну перыяду ВАВ. Майсеявічы невялікая вёска з вельмі старымі хатамі, агароджанымі трухлявым плотам, і ў якіх амаль не было людзей. Закінутыя ж навокал фермы і іншыя гаспадарчыя пабудовы рабілі выгляд вёскі яшчэ больш змрочным.

Мы прайшлі яшчэ нямнога і апынуліся на невялікім узвышшы, з якога адкрываўся выгляд на Убараць і невялікія азёры вакол яе. Прашоўшы яшчэ некаторую адлегласць, мы дайшлі да месца, дзе знаходзіліся розныя краны і трубы для перакачкі нафты (нафтагазапровад “Дружба”). Каля гэтага месца былі і берагі, з якіх можна было ўвайсці ў раку, якая аказалася вельмі неглыбокай.

Дарога назад была вельмі цяжкай. Спачатку мы вельмі доўга ішлі праз лес, потым нас падвёз мясцовы трактарыст, які паказаў нам, дзе звярнуць, каб выйсці на дарогу, якая б давяла нас да нашага лагеру. Далей нам прыйшлося пераходзіць забалочаную лясную дарогу ў брод, што мы і зрабілі двойчы. Нягледзячы на нялёгкі шлях назад, нам вельмі спадабалася нашая вельмі насычаная вандроўка, якую на наступны дзень Арцём, Мікіта і Насця вырашылі паўтарыць.

10 ліпеня мы склалі палаткі, сабралі ўсе рэчы і рушылі, нарэшце, дадому. У Петрыкаве мы селі на аўтобус да Муляраўкі, адкуль на дызельным цягніку дабраліся да Калінкавіч, дзе, прабыўшы каля пяці гадзін, на начным цягніку дабраліся ў Мінск.

Усе мы былі задаволеныя незабыўным, працяглым падарожжам па Беларускім Палессі, якое застанецца, напэўна, для нас самай яркай падзеяй гэтага лета. Спадзяемся, што ў наступны раз знойдуцца яшчэ жадаючыя наведаць самыя прыгожыя і знакамітыя мясціны нашай Радзімы.

Аўтары: Арцём Лiцвiнаў (M@ni@k) i Васiль Крапiвiн

Фота: Арцём Лiцвiнаў

http://wildlife.by/node/3864 + фатаздымкі